Забытая сядзiба
За некалькi кiламетраў ад Ляхавiчаў знаходзiцца Грушаўка i, калi б там не было сядзiбы — радавога гнязда Рэйтанаў, то пра яе мала хто i ведаў бы. Маёнтак ужо iснаваў у ХVII стагоддзi, але як сядзiбна-паркавы ансамбль сфармiраваўся напрыканцы ХIХ.
Уладальнiку сядзiбы Ю. Рэйтану хацелася не адстаць ад моды, бо ў той час драўлянае жыллё стала даволi папулярным (карысным для здароўя) i ён на падмурку старога мураванага дома ўзвёў драўляны, якi сёння з’яўляецца помнiкам архiтэктуры.
На гiстарычным фоне Беларусi шляхецкi род Рэйтанаў быў бы непрыкметным, калi б не Тадэвуш Рэйтан. Праўда, цяпер пра знакамiты род напамiнае толькi чыгуначны прыпынак — Рэйтанава.
Дык чым жа прыцягвае да сябе ўвагу Т. Рэйтан ужо не адно пакаленне?
Ён быў паслом ад Навагрудчыны на Варшаўскiм Сейме 1773 года. Для Рэчы Паспалiтай гэта быў трагiчны час. Яе лёс ужо вызначылi. Аўстра-Венгрыя, Прусiя i Расiя вырашылi падзялiць гэтую дзяржаву i неабходна было толькi юрыдычна аформiць — гiстарычны факт.
Т. Рэйтан i паслы ад Вялiкага княства Лiтоўскага выступiлi супраць падзелу Рэчы Паспалiтай, а ў той жа час большасць польскiх паслоў падтрымала караля Станiслава Аўгуста Панятоўскага i не бачыла ў тым падзеле вялiкай катастрофы. Асабiстыя iнтарэсы, у тым лiку i матэрыяльныя, адыгралi тады не апошнюю ролю. Напрыклад, маршалак Сейма А. Панiнскi атрымаў за сваю актыўную падтрымку караля 20 тысяч злотых.
У тым процiстаяннi Т. Рэйтан прайграў i разам са сваiм паплечнiкам С. Корсакам быў аб’яўлены ворагам Рэчы Паспалiтай. У знак пратэсту ўсе паслы ад Вялiкага княства Лiтоўскага пакiнулi Сейм. Вось такая, у агульных абрысах, гiстарычная драма, у якой Т. Рэйтан, заняўшы мужную i прынцыповую пазiцыю, зрабiў сваё iмя шырокавядомым i ў будучых пакаленнях.
Пасля тых падзей Т. Рэйтан заставаўся ў прыгнечаным стане i да канца сваiх дзён пражыў у Грушаўцы, як здань блукаючы наўкол сядзiбы.
«Пана з Чорнай Русi», так яшчэ называлi Т. Рэйтана, пахавалi пры сядзiбе, а затым яго астанкi былi перанесены ў сямейны пахавальны склеп, у якiм i праляжалi да 1939 года. Вядома, што класавы падыход у грамадскiм жыццi адбiўся i на магiлах. Сямейны склеп быў абрабаваны i цяпер паўразбураны, ды i ўсе астатнiя збудаваннi не ў лепшым стане.
* * *
Пакуль дом — жылы, ён здольны процiстаяць часу, а як толькi чалавек пакiдае яго — прыходзiць у заняпад. Нешта падобнае атрымалася i з сядзiбай Рэйтанаў. Яшчэ ў 60-х гадах мiнулага стагоддзя тут знаходзiўся конезавод. Мураваныя стайнi i сёння выглядаюць манументальна i можна падумаць, што на iх архiтэктуру паўплываў англiйскi стыль. I конезавод у Грушаўцы аказаўся невыпадкова. Не толькi жылы дом, але i ўсе падсобныя памяшканнi былi ў добрым стане i нават больш за тое.
…Мне было гадоў чатырнаццаць, як бацька ўзяў з сабою ў Грушаўку i ў сядзiбе давялося заначаваць. Тут праводзiлiся курсы па конегадоўлi i курсанты жылi ў былым маёнтку. Вечарам, калi мужыкi гулялi ў карты, я з запалкамi падняўся па лесвiцы вышэй i адчынiў дзверы, якiя вялi ў нейкую бакоўку цi на гарышча. Чыркнуў сярнiчкай — i ў няроўным святле ўбачыў зваленыя ў кучу старадаўнiя крэслы i яшчэ нейкую мэблю. Тады гэты факт мяне не ўразiў, толькi з гадамi я ўсвядомiў, якiя мастацкiя i гiстарычныя каштоўнасцi валялiся за тымi непрыкметнымi дзвярыма. Хiба ж не дзiўна, што пасля такiх дзвюх сусветных войнаў, а ў першую тут праходзiў фронт, сядзiба захавалася!
Неўзабаве адышоў у нябыт конезавод i сядзiба перайшла мясцоваму калгасу. У падвалах дома зрабiлi сховiшча для гароднiны. А затым сядзiба была аб’яўлена помнiкам i калгас пакiнуў яе. Дзесьцi год таму давялося зноў пабываць у Грушаўцы. I ў падвале ўбачыў старадаўнiя дубовыя дзверы, з якiх былi зроблены перагародкi для бульбы, буракоў цi яшчэ нечага там. Выкладзеная паўкругам столь скляпення сведчыла, што гэта старадаўнi мур, а калi падняцца ў пакоi, то там ужо не ўбачыш распiсаных сценаў i камiнаў з дарагой кафлi. Усё вынiшчана i скрадзена. Паркет, камiны-печы разбураны, рамы выбiтыя, усё, што мела каштоўнасць, расцягнулi. I рабiлi гэта часта заезджыя шукальнiкi старадаўняга. Трапiлася на вочы нейкая жалязяка, то чаму б не ўзяць? А цэглу i дошкi мог прыхапiць i мясцовы люд. Давялося пачуць, што нехта выкарыстаў паркет з сядзiбы пры будоўлi свайго дома.
Калi на помнiку павесiць толькi шыльду, што ён ахоўваецца, а не зрабiць нiякiх захадаў па яго ахове, то вынiк будзе нулявым.
* * *
На мясцовым узроўнi, асаблiва калi ў райцэнтр прыязджаюць госцi цi праводзяцца нейкiя мерапрыемствы, сядзiбу ў Грушаўцы ўспамiнаюць, не забываюць i яе знакамiтага гаспадара. Але пытанне аб рэстаўрацыi сядзiбы не стаiць, бо няма грошай для гэтага. Пакуль што зроблены праект аднаўлення пахавальнага склепа, пабудаванага ў стылi неаготыкi, але i закансерваваць помнiк архiтэктуры не ўдалося па той жа прычыне — недахопу фiнансаў.
Пасля распаду Саюза быццам бы за мяжой знайшоўся iнвестар, якi хацеў адрадзiць сядзiбу, але на сваiх умовах. Усё засталося, як i было, бо няма адпаведных законаў.
У многiх краiнах замкi, палацы, манастыры, якiя ўяўляюцць гiстарычную цi мастацкую цiкавасць, прадаюцца часта за сiмвалiчную цану, але перад новым уладальнiкам ставiцца ўмова: будынак неабходна адрэстаўраваць i падтрымлiваць у iм парадак. А каб гэта выканаць, патрэбны вялiкiя фiнансавыя ўкладаннi. Скажам, прывесцi ў належны стан сядзiбу ў Грушаўцы: аднавiць жылы дом, два флiгелi, пахавальны склеп, аранжарэю, канюшнi, пуню, бровар, парк — пад сiлу толькi дзяржаве.
У такiм стане сядзiба ў Грушаўцы апынулася найперш таму, што падчас пабудовы сацыялiзму на старадаўнiя помнiкi мала звярталi ўвагі. Успомнiм, што прывесцi ў парадак Навагрудак, Нясвiж цi падняць з руiн Мiрскi замак удалося толькi ў незалежнай Беларусi. А, па-другое, мы i самi не заўсёды цэнiм сваю спадчыну i гiсторыю, бо гэтаму нас асаблiва i не вучылi. А калi людзi разбiраюць помнiкi архiтэктуры, то хто ў гэтым вiнаваты?
* * *
Часта духоўнасць падмяняецца рэлiгiйнасцю, хоць першае паняцце значна шырэйшае. Духоўна багаты чалавек не толькi адукаваны, але i цесна звязаны з гiстарычна-культурнай спадчынай народа. Мiнулае змянiць ужо немагчыма, але i ўзвесцi будучыню без падмурка, закладзенага продкамi, — справа марная.
- Подпись автора
Ўжо позна. Мрок вясенняй ночы на вузкіх вуліцах ляжыць. А мне - вясёла. Блішчаць вочы, i кроў ад шчасця аж кіпіць. Іду я радасна, харошы, знікае з сэрца пустата... А пад рызінавай калошай ціхутка хлюпае слата. (с) Максім Багдановіч