Як супалі памкненні энтузіяста з сацыяльнай адказнасцю біз­несу

«Вы ж на цэлую гадзіну спазніліся — калі працаваць будзеце?» — такім пытаннем сустрэў нас гаспадар рэканструкцыі. Ён за гэтыя часы прызвычаіўся да таго, што мала хто застаецца абыякавым да яго справы і абавязкова хацеў даць шанц журналістам на тое, каб прычыніцца да вялікай справы. Шкада толькі, што не ўсе адгукнуліся на яго заклік… Боль­шасць запрошаных — дзяўчаты. Зразумела, яны пабаяліся запэцкацца.

http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/10/24-41.jpg
Атамная зброя мінулага

На пачатку 2000-х гадоў у мястэчку Любча Навагрудскага раёна знайшоўся энтузіяст Іван Пячынскі, які сабраў вакол сябе такіх жа неабыякавых людзей, як і сам. Любчанскі замак быў пабудаваны ў XVІ стагоддзі, перабудаваны — у ХІХ, а зруйнаваны — у ХХ стагоддзі. Стыль замка ўнікальны — пера­пляценне готыкі і рэнесансу. У сярэдзіне XVІІ стагоддзя ўладальнікам быў таленавіты палкаводзец Януш Радзівіл. У ХІХ ст. замак перайшоў да прыбалтыйскіх дваран Фальц-Фейнаў.

Стан велічнага некалі будынка не мог не хваляваць Івана Пячынскага, таму быў створаны дабрачынны фонд «Любчанскі замак» і распачата аднаўленне гістарычнай пабудовы. З таго часу там штогод працу­юць валанцёры. А ў 2009 годзе дапамагаць дабрачыннаму фонду стаў Пріорбанк.

«У нашай канцэпцыі прапісана аднаўленне (рэканструкцыя) замка. Таму мы хочам усё ж такі аднаў­ляць. Іначай як мы будзем называцца краінай замкаў, калі і паказаць амаль не маем чаго? У тыя часы замкі былі як атамная бомба сёння. І чым іх было больш, тым мацнейшай лічылася дзяржава. Рэшткі некаторых будынкаў цяпер проста развальваюцца. А сітуацыя дрэнная ведаеце чаму? — разважае ды­рэктар фонду. — Таму, што наша заканадаўства патрабуе класічнага падыходу: адразу трэба распра­цаваць канцэпцыю, потым стварыць архітэктурны і будаўнічыя праекты, і толькі пасля гэтага можна зай­мацца рэстаўрацыяй ці аднаўленнем. Мы не пайшлі гэтым шляхам. Мы разумелі, што нам ніхто ніколі не дасць столькі грошай. І вырашылі працаваць кропкава, па этапах».

http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/10/24-42.jpg
«Чаго сюды прыехалі?»

У Любчанскім замку адпрацавала ўжо болей за 1,5 тысячы валанцёраў. Бывала, што па 100 чалавек працавала адначасова. «Тых, хто прыязджае, пытаюся: «Чаго сюды прыехалі?» Яны адказваюць: «Да­памагаць». — «Ну тады заставайцеся, а калі не будзеце дапамагаць, то ад’язджайце». Напэўна, мена­віта так і трэба рабіць. Проста таму, што ніхто не падумае дапамагчы да таго часу, пакуль не скажаш «дапамагай». Такія ўжо ў нас людзі. Хаця многія і без заклікаў прыходзяць. Мясцовыя ўлады таксама стараюцца дапамагчы, чым могуць.

Каля 15 тысяч чалавека-дзён адпрацавана на рэканструкцыі бескарысліва. Спецыялістаў на працу за­прашаюць толькі тады, калі ёсць нейкія спецыфічныя работы. «І працуем мы не па 8 гадзін, а па 10-12. Людзі, якія не ўмеюць нічога рабіць, тут сапраўдныя цуды стваралі. Марудна, але якасна. Шмат дапа­магаюць турысты, якія сюды прыязджаюць. Калі трэба было падняць чарапіцу на Кутнюю вежу, аднача­сова сталі чалавек 40 (цэлы аўтобус) і туды паднялі 2 тоны чарапіцы».

Не прасіце грошай адразу

«З самага пачатку, калі я загарэўся гэтай ідэяй, мяне лічылі дзіваком, бо зрабіць усё гэта было немаг­чыма, — распавядае Іван Пячынскі. — А вось калі мы патынкавалі Кутнюю вежу, то адразу да нас па­чалі ставіцца з павагай. І я хачу сказаць тым, хто жадае займацца аднаўленнем нейкіх аб’ектаў: спачат­ку пакажыце сябе. А то ўсе чакаюць грошай, каб нешта зрабіць. Мне давялося пратрымацца 7 гадоў без фінансавання. Мы маем сёння канцэпцыю, якая зацверджана Міністэрствам культуры. Аднак не ад­разу яна з’явілася. На яе ў нас не было грошай. Чатыры гады таму прыехаў да нас тагачасны міністр культуры Павел Латушка. Прывез з сабою Сяргея Касцючэнку, старшыню праўлення Пріорбанка. І спа­чатку банк дапамог нам прафінансаваць распрацоўку канцэпцыі, якая каштавала 130 мільёнаў рублёў. Пасля стаў дапамагаць пастаянна».

Некалькі цікавых фактаў

• Фальц-Фейны былі ў сваяцтве з Раманавымі. І гэтае месца яны выбралі невыпадкова, яго называлі лепшым ва ўсёй Мінскай губерні.

• Было выдаткавана 600 чалавека-дзён, каб выкапаць рэшткі трэцяй вежы. Паднялі больш за 500 «ку­боў» зямлі.

• У тынковачныя аздабленні, як і патрабуе старая тэхналогія, пры рэстаўрацыі дабаўлялі бялкі яек.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ, фота аўтара.

Навагрудскі раён

Ходзяць чуткі

Існуе рамантычная гісторыя ўзнікнення назвы мястэчка. Калі Міндоўг перапраўляўся цераз Нёман, то ў гэтых мясцінах пазнаёміўся з прыгажуняй Мартай. У хуткім часе закаханыя ажа­ніліся. Мястэчка атрымала назву ад таго, што тут нарадзілася каханне. Дарэчы, ёсць мер­каванне, што менавіта ў Любчы адбылося і хрышчэнне Міндоўга.

http://zviazda.by/2014/10/58492.html