Сустрэча цікавая і карысная
http://novogrudok.grodno-region.by/nimages/s000309_126816.jpg

Супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў і Навагрудскага аддзела дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь завіталі ў раённы аздараўленчы лагер “Свіцязь”. Такія сустрэчы ладзяцца ў лагеры пастаянна і заўсёды выклікаюць у дзяцей і падлеткаў ціквасць.

На вялікі жаль, ужыванне курыцельных сумесей (спайсаў) падлеткамі актуальна і для нашага раёна. Аб гэтай праблеме, яе наступствах і статыстыцы прыцягнення непаўналетніх да адказнасці за парушэнне антынаркатычнага заканадаўства расказаў оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і процідзеянню гандлю людзьмі Дз.У. Рахоўскі. Падлеткі таксама паглядзелі відэафільмы “Паляванне за розумам” і журналісцкае раследаванне карэспандэнтаў Беларускага тэлебачання.

Дзецям нагадалі аб правілах паводзін на дарозе, асаблівую ўвагу звярнулі на правілы дарожнага руху для веласіпедыстаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі нават выканалі пісьмовыя заданні, каб лепш засвоіць атрыманыя веды.

Пра арганізацыю работы ахоўнага ведамства і працу міліцыянераў расказалі начальнік аддзела дэпартамента аховы С.А. Свірыд і камандзір узвода П.А. Рагілевіч. Асаблівую цікавасць, вядома, выклікала дэманстрацыя спецыяльных сродкаў, службовага аўтамабіля і работа службовай сабакі Зары, якая хутка затрымала ўмоўнага злачынцу. Трэніруе Зару міліцыянер-кінолаг А.У. Кожыч.   

Дзеці мелі магчымасць не толькі патрымаць зброю і спецсродкі ў руках, але і прымерыць некаторыя з іх на сабе, пасядзець у аўтамабілях аддзела аховы і ДАІ, сфатаграфавацца. Да слова, прадстаўленыя бронекамізэлькі хоць не з’яўляюцца самымі цяжкімі з існуючых мадэляў, пры гэтым усё роўна аказаліся даволі цяжкімі. Агульная ж вага экіпіроўкі складае каля дзесяці кілаграмаў і ўтрымаць на сабе і ў руках усё гэта адначасова змог не кожны.

Супрацоўнікі міліцыі часта сустракаюцца з моладдзю ў перыяд летніх канікул у першую чаргу для таго, каб дзеці не забывалі, што гарантыя ўласнай бяспекі – іх пільнасць і адказнасць. Але і дарослыя – бацькі, настаўнікі і выхавацелі, таксама павінны пастаянна нагадваць дзецям правілы паводзін на вуліцы, грамадскіх месцах і месцах адпачынку. Толькі ў гэтым выпадку лета пройдзе без непрыемных здарэнняў, а ад адпачынку застануцца станоўчыя эмоцыі і самыя прыемныя ўражанні.

http://novogrudok.grodno-region.by/nimages/s000309_021829.jpg

Тэкст і фота А. ПЯТРОВАЙ, “НЖ”.