Загадкі лаўрышаўскага манастыра

http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/08/3-26.jpg
[url=http://zviazda.by/2015/08/94534.html]Яго месцазнаходжанне знойдзена, але кропку ставіць рана.
Дзе першапачаткова размяшчаўся Лаўрышаўскі манастыр, адзін з самых старажытных у Беларусі, які каля 1260 года заснаваў сын вялікага князя ВКЛ Міндоўга Войшалк і дзе першым ігуменам быў святы прападобны Елісей Лаўрышаўскі? І чаму цэнтр Вялікага Княства Літоўскага, самай буйной дзяржавы позняга Сярэднявечча ў Еўропе некаторы час знаходзіўся менавіта ў… Лаўрышаве?[/url]

Адпаведныя доказы шукалі (і знайшлі!) удзельнікі археалагічнай экспедыцыі пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук, прафесара Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Сяргея РАССАДЗІНА.

Карэспандэнт «Звязды» пабываў у Лаўрышаве і даведаўся, што пяцігадовая праграма даследаванняў, якая праводзілася па прапанове ігумена Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага манастыра айца ЯЎСЕВІЯ і з блаславення епіскапа Навагрудскага і Слонімскага ГУРЫЯ, свае задачы паспяхова выканала. Але кропку ў раскопках ставіць рана.

Зямля не перастае здзіўляць новымі адкрыццямі

Рэчавыя доказы пераканаўча сведчаць, што менавіта тут, непадалёк ад царквы да 1836 года, размяшчаўся старадаўні манастыр. А ў 1913 і 2007 гадах ён узнаўляўся ўжо на новым месцы — каля вёскі Гнесічы, за паўтара кіламетра ад Лаўрышава.

…Падыходжу да сёлетняга раскопу, які арыентаваны на выяўлены падчас папярэдніх экспедыцый падмурак — верагодна, XVІ стагоддзя, калі манастыр быў разбураны татарамі. На гэта ўказвае кладка з валуноў і цэглы — яна тэхналагічна падобная з Навагрудскім замчышчам, якое апошні раз абнаўлялася менавіта ў той час.

Першая экспедыцыя навучыла, што месца раскопак на выпадак дажджу трэба пакрываць навесам з поліэтыленавай плёнкі. І цяпер гэта ўжо норма, каб пагодныя катаклізмы не перашкаджалі працы, кажа выкладчык Светлагорскага індустрыяльнага каледжа Генадзь РЫЗНАВОКІ. Ужо пяты год запар ён праводзіць свой водпуск у археалагічнай экспедыцыі ў Лаўрышаве. Такі ж адпускны занятак сёлета выбралі і яго калега па каледжы Рыгор ДРАЗДОЎ, настаўнік са Слоніма Ігар ЧАРАМНЫХ разам з групай школьнікаў, намеснік дэкана фізіка-матэматычнага факультэта Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна Ірына КАЛБАСІНА… Усяго ў гэтай археалагічнай суполцы сёлета аб’ядналіся больш за 30 валанцёраў з розных рэгіёнаў краіны: Гродна, Навагрудка, Слоніма, Светлагорска, Горак, Мазыра, Калінкавіч…

Генадзь Рызнавокі цяпер ужо не сумняваецца, што экспедыцыя знайшла месца, дзе знаходзіўся старажытны манастыр:

— Сёлетнія артэфакты гэта зноў пацвярджаюць. Мажліва, вось на гэтым месцы была манастырская трапезная, бо знаходзім шмат костак жывёл, рыбы, што ўжываліся ў ежу, фрагментаў глінянага посуду, пячной кафлі. Летась непадалёк адсюль знайшлі трынаццаць медных манет, так званых барацінак XVІІ стагоддзя, а на днях — яшчэ дзве. Але пры гэтым зноў, як і раней, няма жаночых рэчаў, упрыгажэнняў. На раскопках у іншых мясцінах, дзе мы працавалі з Сяргеем Яўгенавічам, яны заўсёды трапляліся — завушніцы, пацеркі, прасніцы… А тут, у Лаўрышаве — ніводнай знаходкі, якая б магла належаць жанчыне. Гэта таксама даказвае, што тут быў мужчынскі манастыр.

Сведкам, мажліва, адной з археалагічных сенсацый пашчасціла стаць і карэспандэнту «Звязды».

— Вось гэтай пячной кафлі, пэўна, як мінімум гадоў 500. Цудоўна захавалася. Прычым калі раней знаходзілі кафлю з выявай вінаграднай лазы (старажытны сімвал хрысціянскай рэлігіі), крыжоў, то на гэтай упершыню бачым выяву конніка з мячом на кані, ды яшчэ з крыламі. Верагодна, гэта герб. Мяркую, што па адпаведных даведачных матэрыялах можна будзе высветліць, каму ён належаў і калі выкарыстоўваўся, — спадзяецца Генадзь Різнавокі.
http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/08/3-25.jpg

Пра што сведчаць артэфакты?

Усе знаходкі, выяўленыя раскопкамі, потым апрацоўваюцца згодна са строгімі правіламі археалогіі. Памочнік кіраўніка экспедыцыі, гісторык са Светлагорска Тэльман МАСЛЮКОЎ, паказаў, як гэта робіцца. Спачатку артэфакты размяркоўваюцца па відах, а затым, у будынку падвор’я Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага манастыра, кожны з іх датуецца і шыфруецца, каб не пераблытаць з іншымі прадметамі. Пасля чаго знаходкі накіроўваюцца на экспертызу. Напрыклад, па костках спецыялісты-біёлагі вызначаюць відавы састаў свойскіх жывёл, а яшчэ можна ўстанавіць, колькі стагоддзяў яны праляжалі ў зямлі. А калі гэта косткі дзікіх жывёл, то вызначаецца, на якія віды палявалі. Дапусцім, раскопкі ў Светлагорскім раёне засведчылі, што яшчэ ў XVІІ стагоддзі на гэтай тэрыторыі жылі зубры.

Шмат падстаў для асэнсавання навукоўцамі даюць і фрагменты глінянага посуду. У прыватнасці, знойдзена ранняя ганчарная кераміка, пачынаючы з XІІІ стагоддзя, калі ўзнік манастыр.

— У вёсках печы кафляй фактычна не абкладаліся. Гэта быў матэрыял гарадской, а таксама манастырскай культуры. І тое, што знаходзім шмат фрагментаў кафлі, пацвярджае: манастыр стаяў менавіта на гэтым месцы, — лічыць Тэльман Маслюкоў.

Сярод унікальных знаходак — шахматная фігура са слановай косці, касцяное пісала (інструмент для нанясення тэксту), якія адносяцца да ХІІІ стагоддя, а таксама каменны нож ажно з эпохі мезаліту. Дарэчы, апошні дазваляе зразумець, адкуль у нашых раскопах крэмені.

Пры гэтым усе артэфакты (напрыклад, ганчарная пасудзіна, якую рэканструявалі са знойдзеных фрагментаў) пасля экспертызы вяртаюцца туды, дзе былі знойдзены. У перспектыве іх можна будзе ўбачыць у музеі, які плануюць стварыць у манастыры.

Напэўна, 7 тысяч гадоў таму на месцы будучага манастыра існавала стаянка ці нават паселішча першабытных паляўнічых і рыбаловаў… Увогуле за 5 сезонаў раскопак сабраны багаты матэрыял, які дазваляе навукоўцам прасачыць гісторыю царквы, манастырскай культуры на Беларусі, пачынаючы з XІІІ стагоддзя. Пры гэтым усе артэфакты (напрыклад, ганчарная пасудзіна, якую рэканструявалі са знойдзеных фрагментаў) пасля экспертызы вяртаюцца туды, дзе былі знойдзены. У перспектыве іх можна будзе ўбачыць у музеі, які плануюць стварыць у манастыры.

Дарэчы, у сувязі з выяўленнем месцазнаходжання старажытнага манастыра Сяргей Рассадзін лічыць важнай наступную выснову. Паколькі вялікі князь Войшалк, пайшоўшы ў манастыр, працягваў кіраваць дзяржавай (да Навагрудка адсюль — гадзіна ходу добрым канём), то, значыць, менавіта ў Лаўрышаве некаторы час знаходзіўся цэнтр Вялікага Княства Літоўскага. Як гэта было пры Іване Грозным, які зрабіў сваёй рэзідэнцыяй Аляксандраву Слабаду, альбо пры старажытным імператары Тыберыі, які перабраўся з Рыма на востраў Капры.

http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/08/3-27.jpg

Шануючы сваю гісторыю, развіваешся як асоба

Так званым чорным капальнікам, якія арудуюць дзеля асабістага ўзбагачэння, ніколі не зразумець той матывацыі, з якой пятае лета запар прыехалі ў Лаўрышава прафесар Рассадзін і яго добраахвотныя памочнікі. Ніхто з удзельнікаў экспедыцыі ніякай матэрыяльнай выгады тут не шукае. Манастыр забяспечыў валанцёраў харчаваннем, некаторых — начлегам у будынку свайго падвор’я, а іншыя не крыўдуюць на палаткі. Галоўнае, што ўсе прыязджаюць без нейкага прымусу — па знаходкі і адкрыцці, веды і ўражанні. І не толькі непасрэдна на раскопках. Арганізатары падрыхтавалі для моладзі цікавую экскурсійную праграму — знаёмства са славутасцямі Гродзеншчыны.

Для айца Яўсевія самае галоўнае, што знаходкі сведчаць аб манахах той эпохі як людзях вельмі працавітых, малітоўных:

— Быццам ладзіцца нейкая наша сувязь з мінулым, поўніцца культурная і духоўная скарбонка нашага народа. Мяркую, што ўдзел у гэтых работах важны і для саміх валанцёраў, перш за ўсё маладых людзей, якія, шануючы гісторыю сваёй Радзімы, шукаючы яе культурныя каштоўнасці, развіваюцца як асобы.

Можна не сумнявацца, што добраахвотнікі прыедуць у Лаўрышава і ў далейшым, калі археалагічныя раскопкі прадоўжацца. Сяргей Рассадзін лічыць гэтым неабходным, бо яго першапачатковыя ўяўленні аб гісторыка-культурным патэнцыяле гэтых мясцін у ходзе даследаванняў значна пашырыліся. Так, месцазнаходжанне старажытнага манастыра знайшлі. Аднак з’явіліся новыя пытанні, якія «клічуць» у ранейшыя гістарычныя перыяды. З загадкамі, якія, мажліва, нашы сучаснікі здолеюць разгадаць.

У тэму

…Калі артыкул быў гатовы да друку, высветлілася яшчэ адна акалічнасць. Справа ў тым, што на адкрыццё ў Лаўрышаве Войшалкава манастыра ХІІІ стагоддзя раптам пачаў прэтэндаваць гісторык Аляксандр Краўцэвіч. Паводле яго інтэрв’ю атрымліваецца, што прафесар Рассадзін нібы толькі пацвердзіў зробленыя ім высновы. Каб высветліць сітуацыю, дадзім слова і Сяргею Яўгенавічу:

Ва ўсіх сваіх публікацыях аб Лаўрышаве я заўсёды згадваў пра шурфоўку, якую тут яшчэ ў 1990 годзе рабіў калега Краўцэвіч. Але ў яго публікацыі аб старажытнарускім манастыры ХІІІ стагоддзя гаворка не ідзе ў прынцыпе, а сказана літаральна наступнае: «У ніжняй частцы цёмна-шэрага вільготнага слою выяўленыя рэчы ХVІ ст., знойдзена некалькі фрагментаў непаліваных гаршкоў XІV-XV стст. (адзін фрагмент, магчыма, больш ранні)». Дзе ж тут Войшалкаў манастыр, заснаванне якога згадана ў летапісе пад 1262 годам? Краўцэвічам было ўскрыта ўсяго 6 квадратных метраў культурнага слою, а нашай экспедыцыяй — 160! Таму з яго боку — адзінкавы няпэўны чарапок, а з нашага — упершыню знойдзены старажытнарускі пласт з тысячамі артэфактаў. Увогуле, я гэтае пытанне ніколі не ўзняў бы, каб не крыўда за маіх паплечнікаў, за студэнтаў, за дзетак-старшакласнікаў, што ўпарта працуюць тут з сезона ў сезон. Менавіта разам з імі мы адкрылі гэтую невядомую старонку гісторыі беларускай. І, Бог дасць, адкрыем яшчэ!

Барыс ПРАКОПЧЫК

Подпись автора

Это моё место! © Sheldon Cooper
Я за возврат СССР!