Пачаўся першы этап добраўпарадкавання вадаёма. Заказчыкам работ выступае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва райвыканкама.
На працягу некалькіх дзён работнікі РУП ЖКГ вялі выдаленне кустарнікавай расліннасці вакол возера. Зараз завяршаецца перапрацоўка яе на шчэпку. Некалькі дзён на вадаёме працуюць і супрацоўнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Выкапаны канал, праз які вада з возера паступова скідваецца ў гарадскую ліўневую каналізацыю.
Па папярэдніх падліках, у возеры каля 40 тысяч кубаметраў вады. Але, як адзначыў дырэктар ПМС АА. Слінько, ліўнёўцы нічога не пагражае, таму што работы арганізаваны паэтапна. Да таго ж і надвор’е спрыяе праводзіць іх даволі эфектыўна.
Наступным этапам работ - стане ачыстка возера ад глею і смецця, якіх за гады існавання вадаёма сабралася даволі шмат. Дарэчы, гэта пацвярджалі і працоўныя дэсанты, якія праводзіліся ў мінулым годзе. Ачысткай возера Маладзёжнага пазней таксама будуць займацца работнікі ПМС. Пазней яго зноў запоўняць вадой.
Як стала вядома, цяпер вырабляецца праектна-каштарысная дакументацыя на добраўпарадкаванне возера. Згодна з планамі, з часам тут павінна з’явіцца выдатная зона адпачынку з пляжам і прыгожымі пешаходнымі дарожкамі. На жаль, тэрміны заканчэння ўсіх работ пакуль не называюцца. Яны будуць залежаць ад фінансавання.
Цікавай падалася і інфармацыя, якую расказалі рыбакі ля возера. Падчас наведвання аб’екта, іх там сабралася даволі шмат. Аказваецца, возера на гэтым месцы ўзнікла ў пяцідзесятых гадах, дзякуючы актыўным і ініцыятыўным ваеннаслужачым. Менавіта яны сабралі сродкі, нанялі тэхніку і выкапалі вадаём. Дарэчы, запаўненне яго вадой адбылося без праблем. Дзесьці тут б’юць з зямлі выдатныя крыніцы.
Глыбіня возера не перавышае дзвюх метраў. А вось назва возера Бандэра, не мае ніякіх адносінаў да вядомага ўкраінца з аналагічным прозвішчам. Такую назву яно набыло толькі таму, што вайскоўцы выкапалі вадаём непадалёк ад хутара, дзе жыў наш зямляк Мікалай Бандарэнка. А згодна з даўнімі звычкамі і традыцыямі - усіх надзяляць мянушкамі, мясцовыя вастракі прозвішча скарацілі, перафразіравалі і, як кажуць, атрымалася тое, што атрымалася.
У апошні час у возера з’явілася афіцыйная назва – Маладзёжнае. Што ж, назва даволі гучная і абяцаючая. Застаецца толькі чакаць завяршэння работ і будаваць планы на адпачынак. Дарэчы, лета ўжо амаль побач. Застаецца толькі спадзявацца, што і надвор’е прынясе нам шмат сонечных і цёплых дзён.
На здымку: падчас работ на возеры Маладзёжнае.
Тэкст і фота
К. БЕСАРАБ.
- Подпись автора
Je suis Маскаль!