Як супалі памкненні энтузіяста з сацыяльнай адказнасцю бізнесу
«Вы ж на цэлую гадзіну спазніліся — калі працаваць будзеце?» — такім пытаннем сустрэў нас гаспадар рэканструкцыі. Ён за гэтыя часы прызвычаіўся да таго, што мала хто застаецца абыякавым да яго справы і абавязкова хацеў даць шанц журналістам на тое, каб прычыніцца да вялікай справы. Шкада толькі, што не ўсе адгукнуліся на яго заклік… Большасць запрошаных — дзяўчаты. Зразумела, яны пабаяліся запэцкацца.
Атамная зброя мінулага
На пачатку 2000-х гадоў у мястэчку Любча Навагрудскага раёна знайшоўся энтузіяст Іван Пячынскі, які сабраў вакол сябе такіх жа неабыякавых людзей, як і сам. Любчанскі замак быў пабудаваны ў XVІ стагоддзі, перабудаваны — у ХІХ, а зруйнаваны — у ХХ стагоддзі. Стыль замка ўнікальны — перапляценне готыкі і рэнесансу. У сярэдзіне XVІІ стагоддзя ўладальнікам быў таленавіты палкаводзец Януш Радзівіл. У ХІХ ст. замак перайшоў да прыбалтыйскіх дваран Фальц-Фейнаў.
Стан велічнага некалі будынка не мог не хваляваць Івана Пячынскага, таму быў створаны дабрачынны фонд «Любчанскі замак» і распачата аднаўленне гістарычнай пабудовы. З таго часу там штогод працуюць валанцёры. А ў 2009 годзе дапамагаць дабрачыннаму фонду стаў Пріорбанк.
«У нашай канцэпцыі прапісана аднаўленне (рэканструкцыя) замка. Таму мы хочам усё ж такі аднаўляць. Іначай як мы будзем называцца краінай замкаў, калі і паказаць амаль не маем чаго? У тыя часы замкі былі як атамная бомба сёння. І чым іх было больш, тым мацнейшай лічылася дзяржава. Рэшткі некаторых будынкаў цяпер проста развальваюцца. А сітуацыя дрэнная ведаеце чаму? — разважае дырэктар фонду. — Таму, што наша заканадаўства патрабуе класічнага падыходу: адразу трэба распрацаваць канцэпцыю, потым стварыць архітэктурны і будаўнічыя праекты, і толькі пасля гэтага можна займацца рэстаўрацыяй ці аднаўленнем. Мы не пайшлі гэтым шляхам. Мы разумелі, што нам ніхто ніколі не дасць столькі грошай. І вырашылі працаваць кропкава, па этапах».
«Чаго сюды прыехалі?»
У Любчанскім замку адпрацавала ўжо болей за 1,5 тысячы валанцёраў. Бывала, што па 100 чалавек працавала адначасова. «Тых, хто прыязджае, пытаюся: «Чаго сюды прыехалі?» Яны адказваюць: «Дапамагаць». — «Ну тады заставайцеся, а калі не будзеце дапамагаць, то ад’язджайце». Напэўна, менавіта так і трэба рабіць. Проста таму, што ніхто не падумае дапамагчы да таго часу, пакуль не скажаш «дапамагай». Такія ўжо ў нас людзі. Хаця многія і без заклікаў прыходзяць. Мясцовыя ўлады таксама стараюцца дапамагчы, чым могуць.
Каля 15 тысяч чалавека-дзён адпрацавана на рэканструкцыі бескарысліва. Спецыялістаў на працу запрашаюць толькі тады, калі ёсць нейкія спецыфічныя работы. «І працуем мы не па 8 гадзін, а па 10-12. Людзі, якія не ўмеюць нічога рабіць, тут сапраўдныя цуды стваралі. Марудна, але якасна. Шмат дапамагаюць турысты, якія сюды прыязджаюць. Калі трэба было падняць чарапіцу на Кутнюю вежу, адначасова сталі чалавек 40 (цэлы аўтобус) і туды паднялі 2 тоны чарапіцы».
Не прасіце грошай адразу
«З самага пачатку, калі я загарэўся гэтай ідэяй, мяне лічылі дзіваком, бо зрабіць усё гэта было немагчыма, — распавядае Іван Пячынскі. — А вось калі мы патынкавалі Кутнюю вежу, то адразу да нас пачалі ставіцца з павагай. І я хачу сказаць тым, хто жадае займацца аднаўленнем нейкіх аб’ектаў: спачатку пакажыце сябе. А то ўсе чакаюць грошай, каб нешта зрабіць. Мне давялося пратрымацца 7 гадоў без фінансавання. Мы маем сёння канцэпцыю, якая зацверджана Міністэрствам культуры. Аднак не адразу яна з’явілася. На яе ў нас не было грошай. Чатыры гады таму прыехаў да нас тагачасны міністр культуры Павел Латушка. Прывез з сабою Сяргея Касцючэнку, старшыню праўлення Пріорбанка. І спачатку банк дапамог нам прафінансаваць распрацоўку канцэпцыі, якая каштавала 130 мільёнаў рублёў. Пасля стаў дапамагаць пастаянна».
Некалькі цікавых фактаў
• Фальц-Фейны былі ў сваяцтве з Раманавымі. І гэтае месца яны выбралі невыпадкова, яго называлі лепшым ва ўсёй Мінскай губерні.
• Было выдаткавана 600 чалавека-дзён, каб выкапаць рэшткі трэцяй вежы. Паднялі больш за 500 «кубоў» зямлі.
• У тынковачныя аздабленні, як і патрабуе старая тэхналогія, пры рэстаўрацыі дабаўлялі бялкі яек.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ, фота аўтара.
Навагрудскі раён
Ходзяць чуткі
Існуе рамантычная гісторыя ўзнікнення назвы мястэчка. Калі Міндоўг перапраўляўся цераз Нёман, то ў гэтых мясцінах пазнаёміўся з прыгажуняй Мартай. У хуткім часе закаханыя ажаніліся. Мястэчка атрымала назву ад таго, што тут нарадзілася каханне. Дарэчы, ёсць меркаванне, што менавіта ў Любчы адбылося і хрышчэнне Міндоўга.